6 верасня, амаль праз год пасля арыштаў, агучаць прысуд Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай – чальцам штабу Віктара Бабарыкі і сябрам Каардынацыйнай рады. Абодвух абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Пракурор запрасіў па 12 гадоў турмы кожнаму. Узгадаем, што нам вядома пра Максіма і Марыю, якія з юрыспрудэнцыі і музыкі прыйшлі ў палітыку.
Максім Знак нарадзіўся 4 верасня 1981 года ў Менску. За два дні да прысуду яму споўнілася 40 гадоў. Да дня народзінаў Максіма тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі апублікаваў відэаінтэрв’ю з бацькам юрыста, Аляксандрам Знакам. У аповедзе гучыць шмат цікавых дэталяў пра дзяцінства і юнацтва Знака.
Спадар Аляксандр распавёў, што ў школу Максім пайшоў падрыхтаваным – ужо ўмеў лічыць, чытаць, пісаць. Таму на ўроках яму было сумна, і пакуль аднакласнікі толькі знаёміліся з літарамі, Максім чытаў пад партай даволі сур’ёзныя кніжкі. У другім класе чытаў Аляксандра Дзюма.
Тады бацькі вырашылі перавесці сына ў мацнейшы клас – так Максім трапіў у 24-ю школу, якая спецыялізавалася на англійскай і нямецкай мовах. Там сітуацыя аказалася адваротнай, кажа спадар Аляксандр – Максім быў ледзь не ў хвасце паводле паспяховасці. Сітуацыю змяніў год у Злучаных Штатах Амерыкі.
У старэйшай школе Максім Знак выйграў конкурс, і ў 10 клас паехаў вучыцца па абмене ў амерыканскую вясковую школу. Там, акрамя навучання, ён працаваў – чысціў басейны, сметніцы.
«Амерыка цалкам змяніла Макса, – кажа спадар Аляксандр. – Туды з’язджаў часам несабраны чалавек, а вярнуўся мэтанакіраваны, які дакладна ведаў, што рабіць. Пасля гэтага ён заўсёды быў найлепшым у вучобе, школу скончыў са срэбным медалём».
Знак мог застацца ў Штатах, працягваць там навучанне ва ўніверсітэце, але ён вярнуўся, і калі яго спыталі, чаму, ён сказаў, што не хоча – яму не цікава жыць за мяжой.
Вучыцца пайшоў у БДУ, паступіў на бюджэт. Выбар спецыяльнасці стаў сюрпрызам для бацькоў – у сям’і юрыстаў не было. З самага пачатку навучання падпрацоўваў, пісаў артыкулы ў розныя выданні. Калі вучыўся на ІІ курсе, стаў памочнікам юрыста ў юрыдычнай фірме, потым юрыстам. Скончыў аспірантуру.
Пасля вучобы здарылася першая «адсідка» Максіма. Пасля пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе правёў 14 содняў у Жодзіна.
У 2007 годзе разам з жонкай – адвакаткай Надзеяй Знак, з якой пазнаёміўся яшчэ падчас вучобы, Максім стварыў сваю юрыдычную фірму «Юрзнак».
«Калі вы запытаецеся, якое самае вялікае дасягненне ў Макса, скажу, што гэта тое, што ён знайшоў сабе такую жонку», – кажа бацька Максіма.
У 2009 годзе Знак стаў кандыдатам юрыдычных навук, далей вучыўся ў Бізнес-школе ІПМ, выкладаў гаспадарчае права ў БДУ. Атрымаў ступень магістра бізнес-адміністравання ў Акадэміі Казьміньскага ў Польшчы. Быў дырэктарам Цэнтру падтрымкі прадпрымальніцтва і сябрам грамадска-кансультацыйнай рады Менгарвыканкаму.
Акрамя юрыспрудэнцыі, Максім Знак з дзяцінства захапляўся музыкай – граў на гітары, пісаў песні. З заробленых у ЗША грошай набыў добрую электрагітару, згадвае ў інтэрв’ю спадар Аляксандр Знак.
Любіць Максім таксама і спорт – займаўся дзюдо, слаламам на байдарках. Бегаў у марафонах. Узімку з жонкай ездзілі на лыжах. Паводле бацькі, Максім ніколі не паліў, амаль не ўжывае алкаголю.
У траўні 2020 года Знак далучыўся да штабу Віктара Бабарыкі, а ў жніўні ўвайшоў у склад прэзідыуму Каардынацыйнай рады. Быў затрыманы 9 верасня. Ужо 11 верасня «Amnesty International» прызнала Знака вязнем сумлення.
Паводле спадара Аляксандра, сын вельмі шмат піша з СІЗА – ужо напісаў дамоў 255 лістоў.
Лістуюцца бацька і сын па-беларуску.
За кратамі Максім таксама піша кнігу – у зборніку пад назвай «Зекамерон» ужо сто невялікіх апавяданняў.
Марыя Калеснікава нарадзілася 24 красавіка 1982 года ў Менску. З дзяцінства ад бацькоў ёй перадалася любоў да музыкі. Як распавядаў бацька Марыі, Аляксандр Калеснікаў, у інтэрв’ю «Белсату», дачка не раз засынала ў вазку пад спевы пад гітару.
Таксама з сям’і ў Марыі – цікавасць да палітыкі. Бацькі-інжынеры (Аляксандр Калеснікаў у мінулым – афіцэр-падводнік, служыў у элітных войсках на атамных падводных лодках) выпісвалі ўсю прагрэсіўную перыёдыку часу перабудовы і мелі ў доме вялікую бібліятэку.
«Маша перачытала яе ўсю, – згадваў спадар Аляксандр і падкрэсліваў:– Мы дазвалялі дзецям быць свабоднымі».
Пасля школы Марыя Калеснікава вырашыла звязаць з музыкай сваё прафесійнае жыццё – пайшла вучыцца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Пасля навучання працавала як флейтыстка, дырыжорка. З 17 гадоў выкладала ігру на флейце.
Але аднойчы пакінула Менск і пераехала ў нямецкі Штутгарт – удасканальваць майстэрства ў Вышэйшай школе музыкі на факультэтах старажытнай і сучаснай музыкі. Падчас навучання падпрацоўвала ў пякарні – раніцай да заняткаў і ўвечары дапамагала гатаваць булачкі, мыла посуд.
У Нямеччыне Марыя Калеснікава пражыла 12 гадоў. Выкладала, арганізоўвала беларуска-нямецкія музычныя фестывалі, ладзіла міжнародныя культурныя праекты ў Нямеччыне і Беларусі, сярод якіх – цыкл лекцыяў «Урокі музыкі для дарослых». Марыя перакананая, што музыкай можна займацца ў любым узросце, што справа не ў таленце, і што любыя здольнасці можна развіць, у тым ліку слых.
Натхненне для музычыных заняткаў Калеснікава знаходзіць у няпростых тэмах: сацыяльных, музыцы Галакосту, палітыцы, тэме жанчыны ў музыцы.
У 2017 годзе Калеснікава стала адной са стваральніц творчага аб’яднання «Artemp», якое праводзіла іпрэзы сучаснага мастацтва.
На радзіму Марыя вярнулася незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў – 2020, узначаліла культурніцкую пляцоўку «ОК16», а неўзабаве і перадвыбарчы штаб Віктара Бабарыкі.
Калеснікавай належаць два лозунгі выбарчай кампаніі – 2020: менавіта яна звярнулася да беларусаў са словамі «Вы неймаверныя», а таксама заклікала «дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу».
Марыю Калеснікаву спрабавалі затрымаць яшчэ ўвечары 8 жніўня 2020 года, але праз некалькі хвілін адпусцілі, патлумачыўшы гэта тым, што яе нібыта пераблыталі з іншым чалавекам.
18 жніўня Калеснікава ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады для пераадолення палітычнага крызісу, а 19 жніўня была абраная ў яе прэзідыум.
31 жніўня Калеснікава заявіла аб стварэнні новай палітычнай партыі «Разам».
7 верасня невядомыя затрымалі Марыю ў цэнтры Менску. Разам з Максімам Знакам яе абвінавачваюць у закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
11 верасня 2020 года Калеснікаву, як і Максіма Знака, «Amnesty International» прызнала вязнем сумлення.
Марыя не губляе аптымізму і за кратамі. Перад першым судовым паседжаннем 4 жніўня бягучага года Калеснікава ўсміхалася і танчыла ў судовай зале.
«Турма – не месца для слёз і журбы, а смяюся я гэтак жа гучна і ад душы. Спытайце ў супрацоўнікаў і следчых», – сказала Марыя ў адным з інтэрв’ю.
Марыя свядома выбрала турму замест жыцця ў іншай краіне, парваўшы на мяжы свой пашпарт, калі яе спрабавалі вывезці з Беларусі.
У снежні 2020 года Калеснікаву ўзнагародзілі прэміяй у галіне правоў чалавека фонду імя Гергарта і Рэнаты Баўм.
У сакавіку 2021 года Марыя ўвайшла ў лік лаўрэатаў штогадовай Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу, якую ўручае дзяржсакратар ЗША.
У красавіку 2021 года ўзнагародзілі прэміяй імя Льва Копелева за мір і правы чалавека.
У ліпені 2021 прысудзілі Штутгарцкую прэмію за «мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і за праваабарончую дзейнасць».
Удома Марыю чакаюць бацька, бабуля з дзядулем, сястра. Спадарыня Тамара Калеснікава – мама Марыі – раптоўна памерла ў 2019 годзе. Спадар Аляксандр цяпер разам з братам даглядаюць сваіх 90-гадовых бацькоў.
Сястра Марыі – Таццяна Хоміч – бізнес-аналітык, але таксама і музыка, як і сястра.
ГГ belsat.eu