Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак, які з’яўляецца ўпаўнаважаным органам па абароне правоў субʼектаў персанальных звестак у Беларусі, лічыць, што навучанне па ZOOM супярэчыць указу Аляксандра Лукашэнкі № 60.
У паведамленні цэнтру зазначаецца, што онлайн-навучанне становіцца ўсё больш папулярным, аднак у шэрагу выпадкаў аператары, якія аказваюць адукацыйныя паслугі ў дыстанцыйнай форме, выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне для відэаканферэнцыяў ZOOM. Паводле цэнтру, тут мае месца трансмежавая перадача персанальных звестак (у тым ліку ў краіны з неналежным узроўнем іх абароны).
«Аказанне паслуг падобным чынам не адпавядае Указу № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт», – сцвярджаецца ў заяве цэнтру.
У цэнтры падкрэсліваюць, што аператары мусяць выкарыстоўваць у падобнай сітуацыі інфармацыйны сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента Інтэрнету, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку.
Глеб Нержын belsat.eu