Праваабаронцы даведаліся, праз чый данос 75-гадовая Наталля Таран трапіла за краты


Праваабарончая ініцыятыва «MAYDAY TEAM» знайшла ў базе зваротаў у КДБ, здабытай «Кіберпартызанамі», паведамленне ад 4 снежня 2021 года наконт палітзняволенай пенсіянеркі Наталлі Таран. Імаверна, пасля гэтага даносу ёй і зацікавіліся спецслужбы.

Наталля Таран. 
Фота:  viasna96/Telegram

У сваім звароце жыхар Масквы Сяргей Васілевіч Савуткін папрасіў КДБ «звярнуць увагу на парушэнне» жыхаркай Бабруйску Наталляй Таран «закону аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці».

Падставай для даносу паслужылі нібыта каментары Наталлі Таран пад публікацыямі расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі. «Яна перыядычна размяшчае свае водгукі адпаведнага супрацьпраўнага зместу на падрыўныя публікацыі Аркадзя Бабчанкі, у дачыненні да якога ў РФ распачаты крымінальны пераслед за тэрарыстычную дзейнасць», – напісаў Савуткін.

Сілавікі прыйшлі да Наталлі Таран праз некалькі дзён і затрымалі яе. На 74-гадовую (на той момант) жанчыну завялі крымінальную справу – праўда, не за «распальванне варожасці», а за «паклёп на Аляксандра Лукашэнку» (арт. 367 КК РБ), «знявагу Аляксандра Лукашэнкі» (арт. 368 КК РБ ) і «знявагу службовай асобы пры выкананні» (арт. 369 КК РБ).

Да суда Наталлю Таран пакінулі пад падпіскай аб нявыездзе. 8 жніўня 2022 года суд Бабруйскага раёну і г. Бабруйску агучыў вырак: 3,5 года пазбаўлення волі. Падрабязнасцяў справы няма – працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Цяпер Наталля Таран адбывае свой тэрмін у калоніі № 4 у Гомлі.

Hавiны
Кіберпартызаны выклалі ў сетку 40 тысяч даносаў на сайце КДБ за 9 гадоў
2024.04.28 14:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў