У Дзень Волі міліцыянты затрымалі ўдома вядомую актывістку Ніну Багінскую, а ў Берасцейскай вобласці схапілі некалькіх асобаў, якія наведвалі судовыя працэсы з палітычнымі справамі. Факты палітычнага пераследу, што не сціхае ў Беларусі з 2020 года, – у аглядзе «Белсату».
Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязнямі сем асобаў. Такі статус цяпер маюць: Алег Дзегцярэнка, Аляксандр Марчанка, Наталля Гаўрон, Алена Тоцкая, Алёна Дземянчук, Алеся Сяргеенка, Юлія Краўцова. Агулам цяпер у Беларусі, паводле цэнтру «Вясна», 1406 палітвязняў.
Тым часам праваабаронцы надалі 46 беларусам статус «былы палітвязень». Гэтыя асобы былі асуджаныя за ўдзел у мірных акцыях, аднак з розных прычынаў не былі прызнаныя палітвязнямі падчас зняволення. Праваабаронцы патрабуюць поўнай рэабілітацыі гэтых людзей.
У Гомлі прызначылі 1,5 года велаактывістцы Святлане Кароль. Яе абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку і распальванні сацыяльнай варожасці. Пенсіянерку пасадзіў суддзя абласнога суда Вадзім Бобыраў. Кароль – былая старшыня грамадскага аб’яднання «ВелаГомель». У 2020 годзе жанчына далучылася да гомельскай Каардынацыйнай рады. Удома ў Святланы засталася маці сталага веку і сужэнец з анкалагічнай хваробаю.
У Берасцейскай вобласці затрымалі некалькі асобаў, якія наведвалі судовыя пасяджэнні ў палітычных справах. Іх вінавацяць у дапамозе праваабарончаму цэнтру, прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем. Імаверна, маецца на ўвазе «Вясна». Сілавікі лічаць злачынствам перадаванне інфармацыі аб выніках пасяджэнняў і іншых звестак, якія сталіся вядомымі на адкрытых працэсах.
20 сакавіка з’явіліся паведамленні пра затрыманне ў Менску хрысціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца. Яго абвінавачваюць у нейкім адміністратыўным правапарушэнні, аднак падрабязнасці пакуль не вядомыя. Мельянец раней таксама наведваў палітычныя суды і публікаваў інфармацыю з іх у сябе ў сацсетках.
У Дзень Волі міліцыянты прыйшлі да Ніны Багінскай. Як паведамілі крыніцы «Белсату», яе адвезлі ў пастарунак і трымалі там да вечара. Вядомая грамадская актывістка мусіць з’явіцца ў суд Першамайскага раёну Менску для разгляду адміністрацыйнага пратаколу за тое, што ў яе кватэры – на тумбачцы ў пакоі – сілавікі знайшлі нацыянальны сцяг Беларусі.
Затрыманы жыхар Менскай вобласці, які нібыта хацеў далучыцца да ўкраінскага войска і намагаўся нелегальна мінуць мяжу. Пасля няўдалай спробы, паводле версіі сілавікоў, ён напісаў начальніку ГУР Мінабароны Украіны Кірылу Буданаву з просьбаю дапамагчы трапіць ва Украіну, аднак той нібыта прапанаваў падарваць адміністрацыйны будынак ці чыгунку ў Беларусі. Пасля гэтага беларус «пазваніў у польскую амбасаду і сказаў, што гатовы служыць ва ўкраінскім войску» – на наступны дзень яго затрымалі.
У Менску работнікі КДБ схапілі гісторыка царквы Іллю Вішнеўскага. Ён цяпер у ізалятары на Акрэсціна. Прычыны затрымання пакуль не вядомыя. Вішнеўскі – выпускнік магістратуры Інстытуту тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла і аспірантуры гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Больш за 10 гадоў працуе ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, зʼяўляецца вядомым у Беларусі даследчыкам гісторыі канфесійных установаў.
«Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Такую пастанову МУС Беларусі прыняў 28 сакавіка. Таксама абнавіўся пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў», туды ўлучылі:
Сцяпан Кубік belsat.eu