Расейцы ўзнавілі наступ на поўначы Харкаўскай вобласці. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 807-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Сівэрскі і слабажанскі кірункі (лінія фронту ў памежных раёнах Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў)

Увечары 9 траўня праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер», спаслаўшыся на палонных вайскоўцаў РФ, напісаў магчымае абвастрэнне сітуацыі па фронце ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці.

Ужо ранкам крыніца паведаміла пра напружаную абстаноўка ў ваколіцах гораду Ваўчанск у Чугуеўскім раёне: ноччу расейцы праводзілі моцную артылерыйскую падрыхтоўку, а таксама намагаліся сіламі дыверсійна-выведных групаў знайсці слабыя месцы ў абароне ўкраінцаў на памежжы. Пры гэтым адзначалася, што неўзабаве войскі РФ мусяць задзейнічаць свае асноўныя рэзервы.

Тым часам тэлеграм-канал «Бахмутський Демон», спасылаючыся на свае крыніцы, заявіў пра разбіццё пяхоты расейцаў на подступах да Ваўчанску і ў сяле Барысаўка (Харкаўскі раён).

Яшчэ адна праўкраінская крыніца – канал «Офіцер» – мяркуе, што такімі дзеяннямі расейцы проста намагаюцца вымусіць украінцаў перакінуць рэзервы з іншых участкаў фронту на памежжа, бо для сапраўднага наступу яны не маюць дастатковых сілаў.

Аналагічнай думкі прытрымліваецца і кіраўнік Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сынегубаў, які сцвярджае, што Збройныя сілы не страцілі ніводнага метру тэрыторыі на Харкаўшчыне.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» таксама мяркуе, што войскі РФ не змогуць дасягнуць істотных поспехаў на памежжы, паколькі тут ЗСУ маюць падрыхтаваную лінію абароны.

Канал «Рыбарь» піша, што дзеянні расейцаў – гэта проста выведка боем і пачатак стварэння так званай буфернай зоны на ўкраінска-расейскім памежжы. 

Агулам, пакуль шматлікія прарасейскія крыніцы намагаюцца прытрымлівацца рэжыму цішыні адносна сітуацыі на мяжы Харкаўскай вобласці.

Між тым тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што па стане на палову дня 10 траўня Узброеныя сілы РФ ужо занялі населеныя пункты Гатышча і Агірцэва ў ваколіцах Ваўчанску і Стрылеча на памежжы Харкаўскага раёну.

Аналітыкі праекту Deepstate, па стане на 13-ю гадзіну паведамілі, што ўчастак фронту паміж населенымі пунктамі Стрылеча, Краснае, Пыльна і Барысаўка, а таксама сяло Плэтэніўка знаходзяцца ў так званай шэрай зоне – тут расейцы намагаюцца замацавацца. Але далей войскі РФ не ідуць, імаверна, чакаючы падыходу асноўных сілаў.

Пажар у выніку падзення абломкаў расейскага беспілотніка. Украіна, Харкаў. 4 траўня 2024 года.
Фота: suspilne_kharkiv / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў войскі РФ прынамсі 13 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка і Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай, але поспеху не дасягнулі.

Нязменнай застаецца сітуацыя і на суседнім ліманскім кірунку, дзе сілы абароны Украіны адбілі чатыры атакі праціўніка на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, а таксама каля сёлаў Новасадовае і Торскае на поўначы Данецкай вобласці. Атакуючы каля апошніх населеных пунктаў, расейскія вайскоўцы намагаюцца атачыць з поўначы і поўдня плацдарм ЗСУ на левым беразе ракі Жарабец, баі за які працягваюцца ўжо многа месяцаў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія цягам апошніх содняў наступалі ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Раздолаўка, Часаў Яр, Іванаўскае, Ступачкі, Клішчыеўка і Андрэеўка. Пры гэтым найбольш інтэнсіўныя баі па-ранейшаму адзначаюцца ў ваколіцах Часавага Яру, а таксама на ўсходніх ускрайках самога гораду, якія знаходзяцца за каналам Северскі Данец – Данбас).

«Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ паступова падцягваюцца да каналу з флангаў, паступова абыходзячы Часаў Яр з поўначы і поўдня.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ЗСУ перакідаюць да гораду, каб утрымаць праціўніка.

У гэты ж час праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што каля Часавага Яру, а таксама на поўдні ад яго лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Калінавае, Новааляксандраўка, Сокал, Навасёлаўка Першая, Уманскае, Яснабродаўка, Нятайлава, дзе, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны краіны адбілі не менш за 28 атак праціўніка за содні.

Між тым «Рыбарь» паведамляе, што УС РФ прасоўваюцца ў сяле Уманскае, дзе пад іхны кантроль перайшла цэнтральная частка населенага пункту. Таксама, паводле крыніцы, расейцы маглі заняць участак паміж Уманскім і Арлоўкай з поўдня ад трасы С051801.

Тэлеграм-канал «Два майора» мяркуе, што цяпер войскі РФ стварылі ўмовы для атачэння суседняй Яснабродаўкі, на захадзе ад якой знаходзіцца рака Воўча, а на поўначы і поўдні – сёлы Уманскае і Нятайлава адпаведна.

Праўкраінскі «Офіцер» піша, што ў гэты ж час ЗСУ ўдалося стабілізаваць фронт на паўночным фланзе, дзе раней расейцам удалося прарвацца ў ваколіцах сяла Ачэрэтына.

На навапаўлаўскім кірунку, паводле Пегава, працягваюцца баі ў горадзе Краснагораўка. Таксама ваенкор фіксуе сустрэчныя баі ніжэй па фронце ў сяле Георгіеўка.

Украінскае камандаванне адзначае няўдалыя атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Канстанцінаўка і Вадзяное.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку атакі Узброеных сілаў РФ лакалізуюцца на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) у ваколіцах населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае.

«Рыбарь» сцвярджае, што ва Ураджайным расейцы ўтрымліваюць руіны фермаў на поўдні сяла, а таксама прасоўваюцца на поўнач уздоўж цэнтральнай вуліцы. 

У Старамаёрскім, па словах крыніцы, УС РФ прасунуліся з поўдня, заняўшы тэрыторыю мясцовай школы. Пасля чаго баі змясціліся да будынку сельсавету. Адначасова з гэтым расейцы дасягнулі поспеху ў лесапасадках на захадзе ад населенага пункту, у выніку чаго ім удалося падысці да ўскрайкаў Старамаёрскага.

Нагадаем, абодва населеныя пункты перайшлі пад кантроль ЗСУ ў выніку іхнага контрнаступу летам 2023 год.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на паўночным захадзе ад сяле Вэрбовае, а таксама ў суседнім Работыне (выступ па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў), але зменаў лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Прарасейскі тэлеграм-канал «Позывной OSETIN» фіксуе невялікія прасоўванні войскаў РФ у сяле Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў