Урад размеркаваў бюджэт на інавацыі


Сілавікі – у прыярытэце, аграрыі і медыкі – не. Гэта вынікае з пастановы Савету Міністраў «Аб фінансаванні навукова-даследчых, даследча-канструктарскіх і даследча-тэхналагічных работ», якую апублікавалі сёння.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Згодна з дакументам, адкрываць гарызонты цывілізацыйнага развіцця Беларусі сёлета будуць прамыслоўцы і сілавікі. Гэтак, на даследаванні ў розных галінах накіруюць 35 мільёнаў рублёў. Самую значную частку з гэтай сумы – больш за 15 млн. – асвоіць Міністэрства прамысловасці. Крыху менш за 15 млн. – дастанецца сілавому блоку. Пры гэтым Аператыўна-аналітычны цэнтр атрымае больш за палову ад сумы, вылучанай на сілавікоў.

«Шмат сродкаў атрымае ААЦ – спецслужба Лукашэнкі, якая займаецца кантролем за інтэрнэт-прасторай. Думаю, шмат каму сарвалі пагоны за ўзламаныя базы і сайт КДБ і не толькі. Таму рэжым рыхтуецца да новых выклікаў», – кажа дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Анжаліка Мельнікава.

Апрача іншага, ААЦ кіруе даменнымі імёнамі ў зоне BY і мае паўнамоцтвы ліквідаваць дамены арганізацыяў, што трапілі ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Цягам мінулага месяца гэты цэнтр знішчыў даменныя імёны парталу «Reform.by», незалежнага сайту «Медиа-Полесье» і крамы нацыянальнай сімволікі «Symbal.by».

Асабістым загадам Лукашэнкі ААЦ атрымаў права ў любы момант прыпыняць ці абмяжоўваць інтэрнэт і мабільную сувязь на тэрыторыі ўсёй краіны.

Паседжанне Савету міністраў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне Савету міністраў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 10 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

«Цэнтр пры прэзідэнце з‘яўляецца дзяржаўным органам і адказвае за рэгуляванне дзейнасці па абароне сакрэтнай і іншай абароненай законам інфармацыі ад уцечкі па тэхнічных каналах. Гэтым раней, за савецкім часам, займалася спецыяльнае падраздзяленне Камітэту дзяржаўнай бяспекі. У незалежнай Беларусі гэтая функцыя была перадана ААЦ», – адзначае старэйшы аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Што ж да іншых галінаў, то іх даследаванні прафінансуюць не так шчодра, як распрацоўкі Аператыўна-аналітычнага цэнтру ды іншых сілавікоў. У параўнанні з сілавым блокам, утрая менш накіруюць у Нацыянальную акадэмію навук, у 20 разоў менш – у Міністэрства аховы здароўя, у 63 разы менш сродкаў атрымае Міністэрства сельскай гаспадаркі.

«На сілавікоў вылучаюць нашмат больш грошай, чым на сацыялку. Гэта дэманструе прыярытэты рэжыму Лукашэнкі. Дыктатар вельмі баіцца беларусаў, таму ў першую чаргу накіроўвае грошы на рэпрэсіі», – дадае Анжаліка Мельнікава.

Грошы, што павінныя ісці на даследаванні, выдаткоўваюць з рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду. Сродкі ў яго збіраюць пераважна за кошт падаткаў на прыбытак. Традыцыйна грашовую дапамогу размяркоўваюць паміж буйнымі дзяржпрадпрыемствамі і акцыянернымі таварыствамі. На грошы могуць прэтэндаваць і прыватныя кампаніі, але на практыцы атрымаць іх складана.

«Канешне, прыватнікам няма такой наўпроставай магчымасці. Некаторыя праекты фінансаваліся, але заўсёды гэта было пад нейкім дахам нейкага чыноўніка, які прыходзіў і прасіў кагосьці прафінансаваць. Цалкам, вось так з вуліцы, зайсці ў інавацыйны фонд, папрасіць даць мне грошаў і атрымаць іх – не магчыма», – кажа вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Чакалася, што фонд будзе стымуляваць інавацыйнае развіццё Беларусі, але на практыцы справа ідзе інакш. Летась працу структуры раскрытыкаваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Чыноўнік наракаў, што прадпрыемствы выдаткоўваюць сродкі на «затыканне дзірак», а да сапраўдных даследаванняў справа амаль не даходзіць.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»