«Мы ў сябе нідзе гэтага абʼекту не афішуем». Дзе Лукашэнка ўе сабе бяспечнае гняздо за межамі Беларусі?


Афіцыйна ў Аляксандра Лукашэнкі – адна рэзідэнцыя, гэтак званы Палац незалежнасці. Неафіцыйна вядома пра 18, а імаверную 19-ую рэзідэнцыю будуюць на «адціснутым» у беларускага народу ўчастку ў Краснай Паляне каля Сочы. Пасля дэталёвага вывучэння планаў забудовы і трохмерных макетаў інтэрʼераў становіцца відавочна, што праект адпавядае ўзроўню першай асобы. Сцены з маналітнага жалезабетону, пазалочаныя ручкі на дзвярах, басейны, кухні, рэстараны, асабісты кабінет і ўзброеная да зубоў ахова… Чым не месца для жыцця на пенсіі для палітыка, якому ў Беларусі даўно не радыя?

Краснадарскі край, 2021 год. Уладзімір Пуцін прымае Аляксандра Лукашэнку на самым вялікім і дарагім гарналыжным курорце Расеі – у Краснай Паляне: 38 км да Чорнага мора і 55 – да Сочы, дзе жыве кіраўнік Расеі. Нерухомасць у Краснай Паляне зможа сабе дазволіць далёка не кожны вялікі бос. Як і прыйсці сюды ў якасці дэвэлапера ці забудоўніка зможа не кожная вялікая кампанія.

План забудовы меркаванай новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Расследаванне аб продажы беларускіх участкаў у Сочы.
Скрыншот: BELPOL – Объединение Силовиков Беларуси / YouTube

«Кошт квадратнага метра жытла ў Жэневе быў прыкладна 5 тысяч долараў (еўраў) за квадратны метр. І вось у Сочы таксама. Там просты смяротны не можа нічога зрабіць. Там жа ўсё пад манаполіямі дзяржавы. У сочынскім рэгіёне дачка Пуціна мае вагу, і таму там не ўсё так проста», – кажа Аляксей (імя змененае), буйны беларускі дэвэлапер. Але калі ўладальнікі зямлі – пуцінскія сябры, то перашкодаў няма.

Супольнае расследаванне «BELPOL» і «Belsat» паказала: 9,7 га зямлі ў Краснай Паляне за заніжаны кошт цішком выкупіла зарэгістраваная ў Расеі кампанія «Комплекс Инвест».

Зямля належала беларускай дзяржаве, то бок грамадству, а фірма-пакупнік звязаная з лукашэнкаўскім бізнесоўцам Віктарам Шэйманам, які абслугоўвае найбуйнейшыя ценявыя праекты дыктатара.

Што ж паўстане каля Сочы?

«Гэта будзе новая рэзідэнцыя Лукашэнкі. Не выключана, што ўсё гэта будзе пабудавана за кошт беларускай дзяржавы, беларускіх падаткаплатнікаў, але, са зразумелых прычынаў, ні адзін беларус не зможа пабываць на тэрыторыі гэтай рэзідэнцыі, бо яна будзе належаць выключна Лукашэнку», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Што ў Краснай Паляне будзе чарговая рэзідэнцыя Лукашэнкі, пераконваюць здабытыя «BELPOL» праектныя дакументы групы кампаніяў «Краснодаргражданпроект», ці ў скароце KRGP, што забудоўвае выдзел. На плане будавання агулам 12 абʼектаў агульнаю плошчаю 7374 м². На трохмерным эскізе бачым 10 (без альтанкі і будынку тэхнічнага абслугоўвання). Траціну плошчы забудовы займае абʼект «галоўны будынак», праектаваны для гаспадара.

Макет аднаго з варыянтаў фасаду меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Макет аднаго з варыянтаў фасаду меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Замоўцу прапанавалі два варыянты фасадаў. Бачым уводныя 3D-макеты з святлейшым і цямнейшым варыянтамі з трох бакоў. Канцэпцыю дызайну холу асноўнага будынку ананімна каментуе беларуская дызайнерка:

«На першы погляд, сапраўды нядрэнны праект, добрая архітэктоніка, добрая задума з вылучэннем верхняй часткі сценаў і столі дрэвам, цікавы малюнак з бэлек і дыяганальнага рытму зашыўкі на столі. Файнае, не знарочыста лофтавае спалучэнне высокіх шкляных перагародак з дрэвам».

Зрэшты, ёсць моманты, якія дызайнерцы хочацца паправіць:

На тым жа паверсе таксама гардэробная, банкетная зала, кухня для халодных… і кухня для гарачых страваў, сталовая, гасцёўня, лазенка (адаптаваная для маламабільных асобаў), кінатэатр, ахова і працоўны кабінет!

Інтэр’ер меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Інтэр’ер меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Інтэр’ер меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Інтэр’ер меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Інтэр’ер меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«Бачым там вялікі-вялікі кабінет на адну асобу. На такую, якая павінна прымаць гасцей, якія не могуць сабе ўявіць нармальнай звычайнай залы, не… патрэбен асобны вялікі кабінет. І вось калі я гляджу на гэты кабінет, у мяне таксама з’яўляецца ўражанне, што гэта нейкая наступная рэзідэнцыя», – кажа бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч.

На падземным паверсе – басейн з колатым каменем у інтэрʼеры, лазні, масажная, фітнес-зала, службовы пакой аховы, пральня, серверная… і нават лыжы маюць уласны пакой.

Наверсе сядзібы – гасцёўня плошчаю 62 м², лазенка на 20 м². Дзве меншыя спальні па 36 м² кожная, і галоўная – на 55 м². На кватэру метражом з такую спальню сярэдні беларус мусіць працаваць палову жыцця… Зарганізаваць у ёй свой сямейны побыт і там жа прымаць гасцей. А дзе будзе размяшчаць сваіх гасцей незаконны гаспадар рэзідэнцыі ў Краснай Паляне?

Пад галоўным будынкам запраектаваныя 3 VIP-катэджы – па 730 м² кожны. Адзін з іх адаптаваны для маламабільных асобаў. Абсталяваныя басейнамі, сталоўняю, трыма спальнямі і гэтак далей.

Ёсць на мапе і гатэль. Толькі на 4 нумары плошчаю 348 м².

План забудовы меркаванай новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Расследаванне аб продажы беларускіх участкаў у Сочы.
Скрыншот: BELPOL – Объединение Силовиков Беларуси / YouTube

Паверх пад зямлёю – для персаналу. На першым – фае, прыбіральні і зона рэцэпцыі, а таксама зала для абедаў на 74 м², разлічаная на 24 асобы. На другім паверсе – 4 нумары, кожны – 48 м².

Праектавальнік прапанаваў на выбар 3 пастэльныя колеры. Дрэва і натуральны мармур цёплага адцення. Металічныя дэталі ў інтэр’еры – толькі залатога колеру: краны гэта ў купальні, будуар і лямпы ў спальні ці аздобы падушак у салоне.

Гатэль. На першым паверсе – фае, прыбіральні і зона рэцэпцыі. Макет меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Гатэль. На першым паверсе – фае, прыбіральні і зона рэцэпцыі. Макет меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

На тэрыторыі месціцца таксама рэстаранны комплекс, большы за гэты гатэль. Спартовая інфраструктура, пункт пропуску, гараж і будынак аховы з шасцю ложкамі ў зоне для адпачынку і пакоем для зброі.

«Сам факт вываду ўчастку з дзяржаўнай уласнасці… Магчыма, гэта зрабілі, каб менш людзей цікавіліся хадою будаўніцтва. Нам дакладна вядома, што на гэтую будоўлю прыязджаў беспасярэдне Шэйман», – кажа Уладзімір Жыгар.

На ягоны загад добра пакрэмзалі ў «альбоме планавальных рашэнняў». Паперасоўвалі абʼекты на мапе… І сёе-тое ў сярэдзіне. У рэстаранным комплексе прасілі дадаць вітражы ў сталоўню. У гасцёўнях – перасунуць фатэлі. У будынку аховы – павялічыць плошчу акна! Каб ахоўнікі мелі шырэйшы агляд. У гаражы – падрэзалі прастору персаналу: «Наяўнасць санвузла падтрымліваецца, але не за кошт павелічэння плошчы забудовы паміж восямі Б В, а за кошт памяншэння плошчы пакою для адпачынку і месцаў для захоўвання: памяшканні № 5 і № 4 адпаведна», – напісана ў альбоме.

Каб даведацца, на якім этапе будоўля цяпер, мы патэлефанавалі ў тэхнічны аддзел «Краснодаргражданпроекта» ад імя адміністрацыі краю. Нам адказала Юлія Пшанічная з тэхнічнага аддзелу:

«Белсат»: Хочам унесці ў спіс конкурсных праектаў ваш загарадны гатэльны комплекс «Красная Паляна».

Ю. П.: Ён у стадыі рэалізацыі, ён у актыўнай будоўлі, яшчэ не пабудаваны і ў эксплуатацыю не ўведзены. А дзе вы бачылі, калі не сакрэт? Мы проста пра яго асабліва не афішуем інфармацыі. Але калі падзяліцеся інфармацыяй, дзе вы знайшлі яе, было б выдатна.

«Белсат»: Спісам займалася не я, але, думаю, праект быў у адкрытым доступе.

Ю.П.: То бок вы гэта ўсё знайшлі ў інтэрнэце? У адкрытым доступе? Гм… Вельмі цікава. Мы проста ў сябе нідзе гэтага абʼекту не афішуем.

Праўда што! Будуюць ціха, праз фірму-пракладку, за высокім плотам і баяцца, каб звесткі аб прызначэнні не трапілі ў медыі. Бо з сацыяльнаю значнасцю праекту – поўны правал. Гэтую працу KRGP у партфоліа не пакладзе, бо як яе падпісаць? Сакрэтная расейская рэзідэнцыя дыктатара Беларусі?

«Калі рэзідэнцыя «Усход» была самым вялікім хабарам, які атрымліваў Лукашэнка, то ўсё, што адбываецца ў Сочы з гэтаю зямлёю… Гэта самы вялікі на сёння крадзеж рэжыму Лукашэнкі ў беларусаў і Беларусі. Кожны беларус павінен разумець, дзе і якімі спосабамі яго падманваюць», – мяркуе Уладзімір Жыгар.

Колькі каштуе інфраструктура, камунікацыі, дызайн і інтэрʼеры ў Краснай Паляне? Спыталі ў бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, які раней з дакладнасцю да мільёна дакладна ацаніў кошт рэзідэнцыі «Краснасельскае», калі «Белсат» знайшоў таямнічую будоўлю, а ўладальнікам яго пазней назваўся «блізкі да цела» бізнесовец Міхаіл Гуцэрыеў.

Кошт меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

У Краснай Паляне прынамсі $ 17 мільёнаў укінутыя ў будаўнічыя працы, зазначае Кныровіч:

«Але калі мы пачынаем казаць пра фасады, то тут ад 50 долараў за квадратны метр да бясконцасці. А калі мы пачынаем казаць пра інтэрʼер, то там, калі мы параўнаем з Палацам незалежнасці, могуць вылезці і кошты 10 тысяч долараў на квадратны метр . І тое, што мы бачым на гэтых карцінках, прыводзіць нас да таго, што там і будуць тыя 10 тысяч долараў з улікам камунікацыяў і абсталявання, таго, што ў кожным дамку абавязкова ёсць басейн. Там будуць такія госці, якія не могуць жыць без басейну».

Калі ж арыентавацца на прэміум-матэрыялы, мэблю, асвятленне і дэталі, у традыцыях асноўнай рэзідэнцыі Лукашэнкі, Палацу незалежнасці, то ацэнка праекту ў Краснай Паляне такая:

«Гэта было б да 50 мільёнаў долараў, калі б гаспадар Палацу захацеў так, як у Палацы незалежнасці, дзе вісіць італьянская люстра ці іншыя рэчы, якія не маюць дачынення да беларускага. Але такі адзін «сціплы» чалавек захацеў жыць у такіх харомах. Плюс рынкавы кошт скрадзенага выдзелу – прынамсі сто мільёнаў долараў, разам – сто пяцьдзясят мільёнаў. Цана за выспу бяспекі за межамі Беларусі. Бо хто як не Расея прыме дыктатара, які баіцца ўласнага народу? І абкрадае яго пры кожнай магчымасці?»

«Прэзідэнт пабудаваў сабе рэзідэнцыю… Ды мне хапае працоўных месцаў тут ці за горадам», – апраўдваўся напярэдадні кіраўнік рэжыму. Але дзе жыць, калі зацягнуты прэзідэнцкі тэрмін усё ж скончыцца?..

Бяспечнае гняздо каля Сочы для дыктатара пачалі ўладкоўваць па двух гадах ягонага крывавага змагання ЗА ўладу і СУПРАЦЬ санкцыяў. 18 лютага 2022 года ў беларускіх грамадзянаў скралі адпаведны выдзел, а праз 4 дні Пуцін распачаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Пасля такіх навінаў хто будзе звяртаць увагу на незаконныя зямельныя ўгоды? Але для кожнай праўды – свой час.

Hавiны
«BELPOL» апублікаваў расследаванне пра рэзідэнцыю Лукашэнкі на Менскім моры
2024.04.14 21:33

Юлія Цяльпук belsat.eu

Стужка навінаў