Хто абароніць абаронцаў?


Застаемся ва Украіне. Але пытанне пра беларускіх ваяроў. А дакладней, пра дазвол на жыхарства ці грамадзянства краіны. І гэта для людзей, якія са зброяй у руках бароняць Украіну, не было проста. Усё можа змяніцца. Адпаведны закон напярэдадні ў першым чытанні прынялі ўкраінскія дэпутаты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Законапраект аб зменах прававога статусу замежнікаў ці асобаў без грамадзянства, якія бяруць удзел у абароне Украіны, быў падрыхтаваны яшчэ летась у жніўні. Аднак украінскія дэпутаты прынялі яго толькі ўчора ў першым чытанні. Адзін з ініцыятараў дакументу, дэпутат Ігар Гузь, падкрэсліў яго асаблівую значнасць для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

«Гэта тыя хлопцы і дзяўчаты, якія ў першыя дні вайны вырашылі станавіцца на абарону Украіны, але ў інтарэсах вольнай Беларусі. Бо яны разумеюць, што без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. Кожны беларус, які хоча сёння абараняць украінскую дзяржаву, мусіць мець спрошчаную працэдуру атрымання грамадзянства ці дазволу на жыхарства», – кажа Ігар Гузь.

Праект прадугледжвае магчымасць атрымання замежнымі добраахвотнікамі і іхнымі сем’ямі віду на жыхарства ва Украіне і грамадзянства на падставе пратэрмінаваных пашпартоў, што асабліва актуальна для беларускіх добраахвотнікаў.

«Сёння фактычна заканадаўства Украіны гаворыць, што калі ў іх, напрыклад, заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, то яны фактычна не могуць законна заставацца на тэрыторыі Украіны. Выходзіць, што яны мусяць выехаць у Беларусь, а мы разумеем, чым гэта ім пагражае», – кажа кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Від на жыхарства атрымаюць і замежныя ўдзельнікі атрадаў тэрытарыяльнай абароны. Беларусы і расейцы, якія раней падаліся на ўкраінскае грамадзянства, атрымаюць болей часу на праходжанне працэдуры адмовы ад папярэдняга грамадзянства. Зрабіць гэта будзе магчыма пасля заканчэння вайны.

Сцяг палка Кастуся Каліноўскага. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Аднак усе гэтыя змены тычацца выключна дзейных вайскоўцаў, яны не закрануць тых, чый кантракт з ЗСУ больш не дзее, ці камісаваных паводле стану здароўя.

«Як толькі мяне камісавалі па стане здароўя – я мусіў у найбліжэйшы тэрмін выехаць з Украіны. Але я не мог так адразу кінуць справу, якую рабіў. І вось, мяне двойчы затрымлівала паліцыя, на кіеўскім вакзале гэта было. Калі мы ў форме, то маем правы, і тое не заўсёды, а без формы – правоў няма», – распавядае былы «каліновец» Аляксандр Клачко (пазыўны «Кусь»).

У найбуйнейшым добраахвотніцкім фармаванні беларусаў ва Украіне, палку Каліноўскага, адзначаюць, што ў той ці іншай ступені з праблемамі легалізацыі сутыкнуўся кожны трэці ваяр.

«На вялікі жаль, некаторыя з іх нават вымушаныя пакідаць полк і ўвогуле Украіну, каб легалізавацца ў краінах Еўразвязу. Таму гэта вельмі вялікая праблема і мы ўдзячныя ўкраінскаму боку, што пакрысе яе пачалі вырашаць», – кажа ваяр палка Каліноўскага Алег Аўчынікаў (пазыўны «Альгерд»).

Чаканае спрашчэнне міграцыйнай палітыкі Украіны таксама будзе спрыяць больш актыўнаму рэкрутынгу ў шэрагі добраахвотніцкіх абʼяднанняў, зазначаюць каліноўцы. Бо вялікая колькасць патэнцыйных рэкрутаў маюць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, што раней рабіла іхны прыезд ва Украіну проста немагчымым.

Другое чытанне законапраекту можа адбыцца ў Вярхоўнай Радзе ўжо праз месяц.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»